ТЫ́ШЛЕРА ПРЫ́НЦЫП ЭКВІВАЛЕ́НТНАСЦІ ў экалогіі,

прынцып, паводле якога ў геаграфічна розных, але экалагічна канвергентных біятопах розныя віды арганізмаў, што займаюць эквівалентныя нішы экалагічныя, выконваюць ідэнтычныя экалагічныя функцыі. Сфармуляваны ням. эколагам В.​Тышлерам (1955). Эквівалентнымі з’яўляюцца эдафічныя ўмовы (гл. Эдасфера), біятычныя спектры і біяцэнатычная структура экасістэм шыракалістых лясоў Еўропы і Канады, і ў выніку расліннаедныя млекакормячыя Паўн. Амерыкі (алень вапіці, вавёрка гудзонская, хамячок аленевы) выконваюць тыя ж экалагічныя функцыі, што і адпаведныя млекакормячыя Еўропы (алень высакародны, вавёрка звычайная, мыш лясная). Пры наяўнасці мноства эквівалентных ніш утвараюцца аналагічныя біяцэнозы — ізацэнозы, або ізацэны (напр., амер. прэрыі і афр. саванны, паўночнаамер. і еўрап. лясы і інш.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)